Слуцкая брама зьяўляецца адным з найславуцейшых помнікаў беларускай архітэктуры. Яна была пабудаваная нясьвіжскім князем Мікалаем Крыштофам Радзівілам па мянушцы Сіротка напрыканцы 16 стагодзьдзя як частка комплексу гарадзкіх умацаваньняў Нясьвіжа па дарозе на Слуцк (адсюль і назва). У 1760 годзе яна была перабудаваная ў барочным стылі.
Слуцкая брама стала папраўдзе знакавай зьявай гісторыі і культуры Беларусі. Як магутнае ўмацаваньне яна неаднакроць адбівала варожыя нашэсьці. Падчас маскоўскага патопу 1654 - 1667 год Нясьвіж стаўся адным зь нешматлікіх местаў Беларусі, якое не здолелі захапіць варожыя войскі. Гэта адбылося, ў першую чаргу, дзякуючы гарадзкім умацаваньням. З другога боку, Слуцкая брама была тым месцам, празь якое для жаданых гасьцей адкрываўся шлях у Нясьвіж - вялікі цэнтр тагачаснай беларускай культуры, дзе дбаньнем і руплівасьцю князёў Радзівілаў захоўваліся незьлічоныя культурныя і гістарычныя скарбы, уключна з архівам Вялікага Княства Літоўскага. Гэтае спалучэньне непахіснай сілы ў дачыненьні да ворагаў і сардэчнай гасьціннасьці для сяброў паслужыла ўвасабленьнем спрадвечнага беларускага духу і крыніцай натхненьня для многіх беларускіх творцаў. Нядаўнім прыкладам зьяўленьня Слуцкай брамы ў паэтычнай творчасьці стала аднайменная песьня беларускага рок-гурта "Крама".
У нашым выпадку Слуцкая брама сымбалізуе гасьцінны ўваход у беларускі Інтэрнэт, які дапаможа вам зрабіць вашае падарожжа па беларускіх сайтах больш прыемным і эфэктыўным і дапаможа вам знайсьці цікавую інфармацыю аб Беларусі.
Ягор Новікаў